БЫ́ХАЎСКАЯ СІНАГО́ГА,

помнік архітэктуры позняга рэнесансу. Пабудавана ў сярэдзіне 17 ст. з цэглы ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Цэнтрычная мураваная пабудова (20 х 21 м у плане) з элементамі абарончага дойлідства: круглая баявая вежа на паўн.-зах. рагу, дэкар.-абарончы атык (байніцы пазней замураваны). Накрыта пакатым 4-схільным дахам. Дэкаравана простымі карнізамі, неглыбокімі прамавугольнымі нішамі. У інтэр’еры квадратная зала падзелена 4 слупамі на 9 роўных частак, перакрытых скляпеннямі. Паміж сабой слупы ў сярэдзіне злучаны аркамі на 2 узроўнях. Цэнтр. месца займае 2-ярусная трыбуна-біма. У цэнтры ўсх. сцяны алтар-ніша, акаймаваная стукавай лепкай.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)